УПРАВЛЕНИЕ ПО ОБРАЗОВАНИЮ
АДМИНИСТРАЦИИ ПЕРВОМАЙСКОГО РАЙОНА Г. МИНСКА

Государственное учреждение образования
 "Ясли-сад №273 г. Минска"

РусскийБеларускiEnglish
Карта сайта Электронное обращение На главную Версия для слабовидящих

Меню

Главная
Skip Navigation Links

Горячие новости

21.02.2020

С Днем защитника Отечества!

20.02.2020

Единый День безопасности!

04.12.2019

Безопасный Новый год!

21.11.2019

Стань заметным!

13.11.2019

Не прожигай свою жизнь!

Контактная информация

Адрес: 220103 г. Минск, Калиновского, 89
Телефон/факс: +375 17 369 83 97, телефон 369 76 84
Электронная почта: ddu273@minsk.edu.by

 

Касьба і жніво

  У канцы чэрвеня пачыналася ў   сялян   самая гарачая пара. Ад   «Пятра» на     лугах ужо ляжалі     зялёныя пракосы. А касьба       абавязкова павінна была закончыцца да свята Ільі. У народзе так гаварылі: «Прыйдзе Ілья — наробіць гнілля». Пагодныя дні — неабходная ўмова для касьбы, таму касцы звычайна спявалі:

Касцы косяць, Бога просяць:

— Ой, дай, Божа, пагоданьку, ды на нашу работаньку.

У некаторых месцах Гродзеншчыны існаваў такі звычай.
Калі з'яўляўся на луг гаспадар, які наняў касцоў, яго звязвалі вяроўкай, звітай з травы. З гэтага жартоўнага палону ён павінен быў выкупіцца грашыма.

А жніво на Беларусі было, вядома, яшчэ больш важнай падзеяй. Гэта пацвярджаюць спецыяльныя абрады: пакрыванне поля, зажынкі і дажынкі. Кожны селянін імкнуўся як мага хутчэй пачаць жніво. каб жыта не пераспела. Жалі звычайна жанчыны і дзяўчаты, а таму і ў жніўных абрадах удзельнічалі выключна яны адны.

Раніцай, да ўсходу сонца, ішла на поле маладзіца і ў прысутнасці некалькіх дзяўчат нажынала невялікі снапок жыта і, абвіўшы яго ручніком або полкай новага палатна, падкідала, прыгаворваючы:

Пакрыла ніўку і на добрую спажыўку;

Парадзі, Божа, наша збожжа!..

Потым маладзіца і дзяўчаты ішлі дамрў ш да'гаспадара, чыё поле пакрывалі. Пры ўваходзе ў хату спявалі, аддавалі снапок гаспадыні. Тая адорвала іх грашыма. Затым падыходзілі з паклонам да гаспадара. Гаспадар частаваў жнеек і запрашаў на зажынкі. Тым і заканчвалася пакрыванне поля.

Праз два дні рабілі зажынкі. Вечарам, на заходзе сонца, гаспадарова дачка разам з сяброўкамі, спяваючы, адпраўлялася на поле. Гаспадыня ім давала з сабой яечню, сыр і гарэлку. На полі дзяўчаты сілкаваліся, зразалі па каласку, звязвалі невялікі снапок-гаспадарок, акраплялі яго гарэлкай і, спяваючы, адпраўляліся дамоў.

Увайшоўшы ў хату, гаспадарова дачка з паклонам падавала снапок-гаспадарок бацьку. Той, падкінуўшы снапок, ставіў яго на покуці пад абразы. Пад снапок клаў чатыры медныя манеты і кланяўся, затым гаспадары частавалі дзяўчат і запрашалі іх на дажынкі. Увесь абрад зажынак суправаджаўся песнямі.

Цікава праходзілі дажынкі. На Віцебшчыне, напрыклад, заканчваючы жытняе жніво, адна частка жней, зрэзаўшы жменю жытніх сцяблін з каласамі, пачынала звіваць з іх вянок. У той час астатнія садзіліся на зямлю і спявалі. Першая з пявунняў прысядала на кукішкі перад знарок пакінутым на полі кустом аржаных сцяблін з каласамі, яго палола, затым сцябліны звязвала ля самых калоссяў, што і звалася «барадой». У сярэдзіну куста клалі акраец хлеба і соль. Усё гэта дзеянне называлася «завіваннем барады».

Затым жнейкі з песнямі адпраўляліся дамоў. Калі на шляху ім трапляўся добра знаёмы чалавек, то зачынальніца надзявала яму вянок, а жнеі вакол «палонніка» спявалі песні да таго часу, пакуль ён не даваў выкуп — грошы ці якую-небудзь рэч.

Жнеек дома сустракаў гаспадар. Дзяўчаты надзявалі гаспадару на галаву вянок, а гаспадар запрашаў іх у хату, дзе яшчэ ў сенях іх вітала гаспадыня, трымаючы ў руках гарэлку, хлеб, соль, сыр. Калі гатова была вячэра, то адразу садзіліся за стол. І не толькі жнеі, але ўсе, хто ў хаце прысутнічаў.

На дажынкі пяклі бліны і да іх падавалі масла, мёд. Акрамя таго, варылі вельмі густую кашу, каб і пасевы на другое лета былі такія ж густыя. Таксама смажылі або варылі парася, пяклі яечню і частавалі гарэлкаю.

Паводле Т. Кухаронак

Навошта ў хаце парог?

«Ад парога хату не мятуць», — вучыць народная мудрасць. Здавалася б, ці так важна, як месці хату. Галоўнае ж, каб было чыста. Так, але парог, як і печ, — месца ў хаце незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Парог асэнсоўваўся людзьмі як сваеасаблівая мяжа, што аддзяляе чалавечае жытло ад прасторы «за парогам» — неасвоенай, нежылой і, значыць, варожай для чалавека...

Парог, акрамя таго, лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны.

Найбольш вядомы з іх — рытуальнае сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Звычай «прысесці на дарогу» добра вядомы, але не ўсе, напэўна, ведаюць яго сэнс, сімволіку. Змест, «логіка» гэтага звычаю — звяртанне ў думках да душ продкаў з просьбай аб дапамозе ў дарозе ці ў падарожжы. Вось чаму абавязковым элементам гэтага звычаю з'яўляецца рытуальнае маўчанне, якое абазначае сімвалічнае далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў. Менавіта ў гэтыя кароткія імгненні ўнутранай засяроджанасці і звяртання да памяці продкаў наладжвалася духоўная сувязь жывых людзей з продкамі — добрымі абаронцамі і дарадчыкамі.

Вядомая прыкмета-забарона: нельга вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення ці нават варожасці паміж людзьмі. У аснове такіх уяўленняў таксама ляжыць разуменне парога як месца знаходжання душ продкаў. Зразумела, што ў такім выпадку чалавек, які знаходзіцца на другім баку парога, успрымаецца душамі продкаў як магчымы непрыяцель, вораг.

З такімі ўяўленнямі пра парог звязаны і вясельны звычай, згодна з якім малады ўносіць на руках у сваю хату жонку. Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым сімвалічна аберагаў маладую ад магчымых адмоўных да яе адносін продкаў, якім яна магла і не спадабацца як новы чалавек. Малады гэтым дзеяннем падкрэсліваў сваю еднасць з жонкай, прасіў сваіх продкаў адносіцца да яе гэтак жа, як і да яго.

Існуюць і звязаныя з парогам прыкметы. Лічыцца, напрыклад, што чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спаткнецца аб парог. Калі ж хто-небудзь спатыкаецца аб парог, выходзячы, — то быў знак, што гэты чалавек сюды хутка вернецца. А вось садзіцца на парог або станавіцца на яго народная этыка не дазваляе.

Асабліва асцерагаюцца гэтага хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог і цяжарным жанчынам, інакш дзіця народзіцца з дрэннай памяццю. Каб пазбегнуць у будучай сям'і сварак, маладыя пры ўваходзе ў царкву для вянчання стараліся не наступіць на царкоўны парог.

Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абходзіла з паклонамі ўсіх, хто прысутнічаў пры яе развітанні з бацькоўскім гняздом, яна кланялася асобна кожнай частцы хаты і, нарэшце, кланялася да зямлі парогу, гаворачы пры гэтым: «Парогу, парогу! Я па табе хадзіла, ножкамі таптала — прабач мне, я больш не буду!»

Вельмі часта выкарыстоўваўся парог як рытуальнае месца ў народнай медыцыне. Напрыклад, каб ніхто не сурочыў дзяцей, іх купалі на парозе, прычым ваду на іх лілі праз рэшата. Дзіцячы перапуд лячылі перасяканнем на парозе 12 дубчыкаў ад старога веніка. Дзяцей, якія хварэлі астматычнай задышкай, клалі каля парога, накрывалі кажухом і пераганялі праз парог некалькі авечак. Лічылася, што авечкі, пераступаючы парог і хворае дзіця, забіраюць з сабой і хваробу.

Пры ткацтве жанчыны вельмі асцерагаліся. каб іх тканіну хто-небудзь не сурочыў. Для гэтага аснову, на якой ткалі, абсыпалі пылам, які збіралі на парозе.

Да «парогавай» магіі звярталіся дзяўчаты, каб закахаць у сябе ўпадабанага хлопца. Для гэтага рабілі наступнае: з новага веніка бралі дубец, які клалі каля парога таго, каго хацелі «прысушыць». Неабходна было, каб хлопец пераступіў праз парог, а значыць і праз дубец.

Пасля гэтага неслі дубец у лазню, кідалі яго на палокі прыгаворвалі: «Як сохне гэты дубец, няхай так сохне па мне раб Божы (імя)».

Значнасць парога ў жыцці людзей адлюстравалася ў шматлікіх прыказках і прымаўках: «Не стаўшы ў парозе, не будзеш сядзець на покуці», «Ты яго лаеш, а ў парозеяго стаіш», «Беднаму Бог залоціць парог», «Без Бога ні да парога»...

Паводле У. Каваля

"Печ, печ, памажы!"

  Есць такі выраз: танцаваць ад печы.
  Пачнём і мы нашу размову з печы.

  Печ займае ў сялянскай хаце важнае і пачэснае месца. Яе роля не толькі ў практычным прызначэнні (печ абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца). Зпеччу звязана шмат вераванняў і ўяўленняў.

Асаблівая павага да печы, адносіны да яе як да жывой істоты падкрэсліваюцца забаронай ужываць «у яе прысутнасці» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаўбы, ды печ у хаце».

Печ была своеасаблівым цэнтрам хаты, увасабленнем старажытнага агменю (ачага), без якога немагчыма ўявіць сабе чалавечае жыццё. Невыпадкова менавіта печ (а дакладней— падпечак) лічылася месцам знаходжання добрага духа—дамавіка, галоўныя «абавязкі» якога— клопат пра дабрабыт сям'і. Дамавіка атаясамлівалі з кутнім слупам печы, які называлі звычайна дзедам.

У тых выпадках, калі неабходна было здабыць «жывы агонь», яго атрымлівалі вярчэннем верацяна ў якой-небудзь шчыліне пячнога дзеда. Як бачым, печ уяўлялася сімвалам дзядоў — продкаў, якія «дораць» агонь, а з ім — жыццё. Цікава, што ў некаторых месцах Беларусі дзедам называюць прыстасаванне, у якое ўтыкаецца лучына для асвятлення хаты.

Беларусам быў вядомы такі звычай: кума, перш чым перадаць маці ахрышчанае дзіця, пасля вяртання з царквы абносіла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзіця любіла хату і трымалася яе».

Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы, прыгаворваючы: «Як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так бы і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім двары».

З гэтай жа мэтай кармілі на засланцы і купленнуюкарову, якую прыводзілі на панадворак.

Печ успрымалі і як надзейную заступніцу ад хваробы або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба. Пасля вяртання з могілак удзельнікі пахавальнай працэсіі перш за ўсё выконвалі абрад ачышчэння агнём: адчынялі ў печы засланку і па чарзе грэлі рукі, «каб смерць праз комін пайшла».

У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага «запякання» слабых, хворых дзяцей у печы. Дзіця закутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у цечы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога «запякання» дзіця набывае сілу і здароўе.

Асабліва выразнай была шлюбная сімволіка, бо печ асэнсоўвалася як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля віталіся з гаспадарамі: садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.

Пашана да печы як да месца знаходжання душ продкаў адлюстравана і ў беларускім звычаі, згодна з якім бацькі, пачуўшы прапанову свацці, раяцца паміж сабою, адышоўшы да печы. На Украіне ў час сватання нязеста, выказваючы сваю згоду выйсці за таго, хто да яе сватаецца, моўчкі садзілася на печ і калупала пальцамі гліну.

У некаторых вёсках Гомельшчыны і цяпер існуестарадаўні звычай: маладая на другі дзень пасля вяселля беліць печ у хаце маладога. Гэтым яна імкнецца«задобрыць» печ, наладзіць адносіны з ёю, а значыць — з новай сям'ёй.

Апошнім часам мы ўсё часцей звяртаемсядасваёй духоўнай спадчыны, імкнёмся зразумець светаўспрыманне, мары і надзеі нашых продкаў. Важнай рысай,якая вызначала светапогляд людзей мінулага, былоадухаўленнеўсяго таго, што знаходзілася побач з чалавекам.

У. Коваль

Свой дварочак, як вяночак

Вы заўважылі, напэўна, як наш сучаснік губляецца ў нейкія моманты свайго жыцця — уступлення ў шлюб, нараджэння дзіцяці, провадаў у войска, засялення ў новую кватэру. Так і хочацца, каб нехта мудры падказаў, як і дзе ступіць, што сказаць.

А нашым продкам было значна прасцей: на кожны выпадак існавала ў беларусаў цэласная асэнсаваная сістэма звычаяў і абрадаў. Звычаі і абрады не былі самамэтай ці гульнёй. Яны былі арганічнай часткай духоўнай культуры. Больш таго, продкі разумелі, што лад у сям'і залежыць ад умення ўлічыць шматлікія з'явы ў навакольным свеце, аж да драбнейшых змен надвор'я.

Яшчэ беларусы верылі ў разнастайных духаў — дамавых, палявых, лясных і іншых. Усё багацце прыкмет, павер'яў, звычаяў, абрадавых дзеянняў улічваў кожны селянін, які збіраўся для сябе пабудаваць новую хату.

Будаўніцтва пачыналася з выбару месца і адпаведных матэрыялаў. Гэта ж колькі ўсяго трэба было ведаць і прадбачыць!

Мяркуйце самі. Дрэва на будоўлю, лічылася, лепш за ўсё ссякаць тады, калі месяц знаходзіцца ў сваёй апошняй квадры («ветаху»), тады яно будзе трывалае. А ссечанае ў маладзік нядоўга паслужыць, спілаванае паміж квадрамі месяца сточыць шашаль.

Людзі меркавалі: нельга на пабудову браць вывернутае непагодаю дрэва, бо яго чорт для сябе вывернуў і разам з дрзвам можа перасяліцца ў новую хату. Таксама нельга было ўжываць тое дрэва, што завісала на другім, бо хутка такі будынак згарыць. Вопытны селянін ніколі не браў для будаўніцтва рыплівага дрэва, бо ў збудаванай з яго хаце людзі могуць часта паміраць ці заходзіцца ад кашлю. Не падыходзіла для гэтай мэты і дрэва, што, ссечанае, павалілася на поўнач: у хаце памрэ чалавек, а ў хляве —жывёла. Самымі спрыяльнымі месяцамі для нарыхтоўкі драўніны лічыліся сакавік і красавік, таму што веснавы сок рабіў дрэва мацнейшым.

Вельмі важна было правільна нарыхтаваць мох: гаспадар мусіў пайсці ў панядзелак у лес, наскубці вялікую жменю моху і пакласці на чыстай зямлі. Тое ж самае — у аўторак, сераду і г. д. Падышоўшы ж у нядзелю да тых кучак і падняўшы кожную,глядзеў, пад якою з іх не было мошак, чарвякоў. Толькі ў той дзеньтыдня, калі была нарваная гэтая кучка, можна было рыхтаваць мох для будаўніцтва. Значыць, спадзяваліся, што ў хаце не завя-дуцца казюркі…

Паводле народных уяўленняў, на падмурак нельга было браць каменне з могілак, бо ўвесь час будуць непрыемнасці. Пільнавалі, каб на будоўлю не трапіла дрэва з«ваўком», г. зн. з чорнай сарцавінай, —інакш сям'ю зноў будуць даймаць хваробы і няшчасці.

На Беларусі існавала шмат спосабаў, магічных прыёмаў, якімі карысталіся сяляне пры выбары месца пад хату. Так, аблюбаваўшы нейкую мясціну, ставілі на тым месцы чыгунок з павуком: калі за ноч ён пачынаў «ткаць кросны»,толічылася, што месца пад хату выбрана добрае.

Шырока бытавала і такое павер'е: калі ў посудзе з мёдам, пакінутым на абраным месцы ў выкапанай ямцы на ноч, пад раніцу з'яўляліся мурашы, месца лічылася ўдалым.

У народным штодзённым жыцці шырока бытавала перакананне, што нельга будавацца на спрэчнай дзялянцы зямлі, бо будуць накліканы праклёны таго, хто спрачаўся і прайграў. Ніколі не ставілі хату там,дзе былі знойдзены чалавечыя косткі, а таксама там,дзе хто-небудзь пасек сякерай нагу ці руку, парэзаўся сярпом, касой, нажом.

Нарэшце, падрыхтоўчыя работы скончаны,за працу браліся цесляры. На тэрыторыі Беларусі шырока бытаваў звычай пры заснаванні хаты класці пад вугал манеты,кавалкі хлеба ці сыру, часам галаву пеўня, штобылоахвяраваннем дамавому.

Калі клалі першы вянец, то назіралі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну чатырохвугольніка, значыць, будуць прыбыткі ў доме…

Быў звычай пад усе чатыры вуглы класці кавалачак ладану, пасвячоныя зёлкі ці хвойныя галіны, каб засцерагчы дом ад перуноў. Бытавала ўяўленне, што перуны праследуюць нячысцікаў, якія, вядома ж, не стануць хавацца там, дзе ляжыць што-небудзь свянцонае.

Шмат павер'яў было звязана з апошнім вянцом. Так, пры завяршэнні будаўніцтва гаспадар перакладваў праз апошні вянец асвечанае яйка, якое адразу ж закопвалі на месцы падзення, каб вецер не здзіраў страху. Пасля таго як на гарышчы быў высланы мох, па ім сеялі авёс і прысыпалі пяском. Авёс узыходзіў і паступова засыхаў, тым самым забяспечваючы багацце ў хаце.

Паводле Т.Кухаронак

Уваходзіны

 Дом збудаваны, наступіў час перасялення.   Звычайна першым ішоў гаспадар з   гаршком, у якім быў жар з вуголлем. За ім хатнія неслі маёмасць. Гаспадар абносіў гаршчок уздоўж сцен, спыняючыся на імгненне ў кожным куце, ставіў гаршчок на прыпечак і адразу запальваў у печы. А напярэдадні ў новы дом праз акно запускалі пеўня ці курыцу. Калі певёнь спяваў, гэта лічылася добрым знакам, калі не — дрэнным.

Пры ўваходзінах (улазінах, уходзінах, вясёлках) трэба было памазаць мёдам усе чатыры куты, каб жыццё было салодкае. Пераход у новы дом прымяркоўваўся да поўні.

Было прынята ўкрасці ў суседзяў качаргу і прынесці яе ў новы дом. Але перш за ўсё абавязкова заносілі абраз і стол. У асобных раёнах Беларусі сустракаўся і такі звычай: пры ўваходзінах праз адчыненыя дзверы кідалі клубок нітак. Трымаючыся за нітку, члены сям'і па старшынству ўваходзілі ў хату.

Першымі ў новую хату патрэбныя рэчы заносілі звычайна гаспадар ці гаспадыня. Але, калі яны былі бяздзетныя, па іх даручэнні гэта рабілі іншыя родзічы, што мелі дзяцей, або нават староннія людзі: перавагааддавалася цяжарнай жанчыне.

Сярод беларусаў існавала такаяпрыкмета: хто ў дзяцінстве разбураў птушыныя гнёзды, той за жыццё зменіць столькі сяліб, колькі гнёздаў разбурыў. Лічылася, што пакідаючы старое жыллё, нельга быловымятаць смецце, бо той,хто ўгэтую хату ўселіцца, не будзе мець шчасця.

Стол і печ былі ўвасабленнем хатняй святыні. Пры закладванні печы часта збіралі талаку, запрашаючы пераважна моладзь. Маладыя талакоўцы працавалі з песнямі і жартамі. У канцы работы гаспадар частаваў памагатых. Заснаванне печы, як і будаўніцтва хаты, прымяркоўвалі да поўні: у гэтым выпадку лічылася, што печ будзе добра трымаць цяпло. Калі першы раз палілі ў печы, у яе трэба было ўсыпаць 9 жменяў зерня, ад чаго сценкі печы пакрываліся слоем глянцу, да якога пазней не прыставала сажа.

У дзень перасялення ў новую хату гаспадары запрашалі гасцей, а таксама святара, каб асвяціць новае жыллё. Госці прыносілі падарункі. Увайшоўшы ў дом, госць кідаў грошы на печ, хлеб і соль клаў на стол, зерне — на лаўку. Усё гэта гаспадар новага дома клаў у клець. Жанчыны прыносілі воўну, посцілкі, абрусы, муку, розныя крупы, яйкі, сала. Гэтыя падарункі прымала гаспадыня.

Трэба адзначыць, што на ўваходзінах не было спецыяльных абрадавых песень, гульняў. Бяседу вёў найбольш дасціпны івясёлы з гасцей.

Мужчыны давалі часта разнастайныя «парады» гаспадарам. Часам падкладвалі пад сяннік якую-небудзь жалезную рэч, каб у сям'і нарадзіўся сын.

Агульнапрынятым на Беларусі было імкненне як мага лепш пачаставаць гасцей, бо верылі, што ў гэтым выпадку ў новай хаце сям'я будзе жыць заможна.

У традыцыйнай абраднасці нічога не было выпадковым, непатрэбным, усё падпарадкоўвалася пэўнай мэце і адпавядала пэўным прынцыпам, маральным нормам, светаўспрыманню.

Мабыць, пра саміх сябе, пра сувязь чалавека з прыродай, з сусветам, космасам нашы не такія ўжо далёкія продкі ведалі значна больш, чым мы. Напэўна, і мы з цягам часу зможам зразумець шмат з таго, што здаецца сёння неразумным і нават недарэчным, і тым самым пазнаем сябе, сваю душу, псіхалогію, слынны беларускі нацыянальны характар.

А некаторыя з пералічаных звычаяў маглі б упрыгожыць сучасныя ўваходзіны, зрабіць іх шчырым, вясёлым, а галоўнае — адметным святам, каб гаспадарам і гасцям успаміналася не толькі колькасць выпітага і з'едзенага, а нешта большае, нейкі вобраз, рысачка, звязаная з родным домам, якія будуць саграваць і падтрымліваць у цяжкую хвіліну жыцця.

Паводле Т. Кухаронак